КЛЕ́ЦКІ ФА́РНЫ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ Існаваў у 16—1-й пал. 20 ст. ў г. Клецк Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. У 1560-я г. М.Радзівіл Чорны перадаў храм кальвіністам. Тут з пратэстанцкімі пропаведзямі выступаў бел. гуманіст С.Будны. Пры Альбрыхце II Радзівіле (маршалак ВКЛ і ўладальнік Клецка) зноў перададзены католікам. У 1607 асвячоны біскупам віленскім Ю.Радзівілам. Узведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі. Аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і 5-гранная апсіда завяршаліся агульным дахам. Да паўн. сцяны прэсбітэрыя прылягала невял. 2-павярховая сакрысція, на 2-м паверсе якой была скарбніца. Да гал. фасада была прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (ніжні ярус чацверыковы, астатнія васьмерыковыя) з арачнымі аконнымі праёмамі, упрыгожаная нішамі і філёнгамі, завершаная купалам. У інтэр’еры разныя алтары, скульптура. Пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, узарваны ў 1950-я г. (захавалася ч. зах. сцяны).
Т.В.Габрусь, А.М.Кушнярэвіч.
т. 8, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)